#маямова

#маямова неадрыўна звязаная з дзядулям. Ён пайшоў з жыцця калі мне было 8, але ўспаміны пра Пятра Паўлавіча застаюцца са мной усе гэтыя гады. І за гэты час робяцца больш асэнсаванымі, кранальнымі ды каштоўнымі.

У дзядулі быў свой доўгі шлях да беларусчыны. Я пра яго мала ведаю. Адное добра памятаю, што цікавіцца сапраўдным беларускім ён пачаў тады, калі гэта сталася магчымым — напрыканцы 80-х. Я тады бадзяўся каля яго ды бабулі кожнае лета ў Воршы. Магчыма таму маі першыя ўцямныя успаміны пра беларускае менавіта адтуль.

Данчыка я слухаў на вінілавых кружэлках. Эффект быў неверагодны. Па першае, трэскатня вініла на “Рігондзе”. Па-другое, словы і як гэта было выканана, прапета. Дрыжыкі дагэтуль, як прыгадаю.

Сцізорык, пэндзаль, ровар, надвячорак, ліпень — таму што цвяце ліпа, Дняпро — столькі новых словаў падараваў мне дзядуля! Дах, маланка, дзяўбешка, дурань, дзяўчынкі ды хлопчыкі!

“Паўлавіч”, як яго звалі знаёмыя, дзед Пеця, як зваў яго я пасля выхаду на пенсію працаваў вартаўніком у бліжэйшай школе. Часцяком я бываў на ягоных зменах ды ганяў па школе на ровары. Цёмна, ціха… і тут ты ляціш на ровары з грукатам папустых калідорах. Як жа добра я памятаю пах школы без настаўніц ды вучняў — пыл лесвіц ды фарбы, сталоўкі ды бібліятэкі. Там мы шмат разоў сядзелі і дзед чытаў мне кніжкі. Гэта былі казкі, вершыкі на беларускай мове, легенды ды паданні.

Дзядуля пакінуў апроч успамінаў кнігі ды падручнікі. Яны мне дапамагалі падчас навучання ў школе ды ўніверы. Аказалася, якасную гістарычную літаратуру даволі складана было знайсці, трэба было топаць ў бібліятэку. А ў мяне было!

Пасля ўжо быў Палац, Крыві, N.R.M., Быкаў, Барадулін, Арлоў… але першы кантакт з #маямова быў дзякуючы дзядулі. Сёння ўгодкі. Шмат часу праляцела. Дзякуй Пётр Паўлавіч за маё беларускае дзяцінства. Дзякуй за ўсё.

Поделиться